БЫ́СТРЫЦКІ КРЫЖАЎЗВІ́ЖАНСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры ракако. Пабудаваны ў 1523 паводле загаду польскага караля Жыгімонта Старога ў в. Быстрыца (Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.). Аднанефавы 2-вежавы з пяціграннай апсідай мураваны храм сіметрычна-восевай падоўжнай кампазіцыі. У сілуэце будынка дамінуюць дзве 4-ярусныя вежы гал. фасада. Вертыкальнасць фасада з увагнута-пукатымі хвалістымі плоскасцямі сцен і карнізнымі паясамі падкрэслівае гарызантальная рустоўка цокаля. Бакавыя фасады і апсіда вырашаны плоскасна. Пластыка-дэкар. акцэнт інтэр’ера — 2-ярусны гал. алтар. Складаная калонна-пілястравая кампазіцыя 1-га яруса фланкіравана 2 драўлянымі скульптурамі апосталаў. У барочна-ракайльным стылі зроблены і 2 меншыя па маштабе кулісныя алтары.

т. 3, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)